«СТРА́СЦІ ХРЫСТО́ВЫ»,

помнік бел. перакладной агіяграфічнай літаратуры канца 15 ст., легендарна-апакрыфічная аповесць пра Ісуса Хрыста. Змешчаны ў рукапісным зборніку разам з «Аповесцю пра трох каралёў» і «Жыціем Аляксея, чалавека божага». Перакладзена з лац. мовы з выкарыстаннем польскіх і чэш. крыніц, напісана дробным паўуставам. Пераклад зроблены католікам, вызначаецца высокай дакладнасцю і маст. дасканаласцю. Мова аповесці без царкоўнаславянізмаў, поўна адлюстроўвае жывую бел. мову таго часу. Асн. літ. крыніца помніка — апакрыфічнае Евангелле ад Нікадзіма.

У цэнтры твора яркае, драматычна напружанае апісанне апошніх дзён жыцця, пакутніцкай смерці і ўваскрэсення гал. героя, Смерць Ісуса Хрыста пададзена з пункту гледжання царк.-рэліг. ідэйна-маст. канцэпцый хрысціянства як гераічны подзвіг і высакародная ахвяра ў імя лепшай будучыні ўсіх людзей. У аповесці створаны таксама вобраз Багародзіцы. Душэўныя перажыванні Божай маці, глыбокі боль за сына раскрыты ў псіхалагічна праўдзівых маналогах-плачах. Упершыню выдадзены М.​М.​Тупікавым у 1901. Зборнік зберагаецца ў Расійскай Нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Ч. 1. Мн., 1961.

Літ.:

Карский Е.Ф. Западнорусский сборник XV в Императорской Публичной библиотеки в С.-Петербурге Q.I. № 391 // Карский Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам М., 1962;

Жураўскі А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 1. Мн., 1967.

У.​М.​Свяжынскі, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)